Алесь Савіцкі
(Аляксандр Ануфрыевіч Савіцкі)
беларускі празаік і грамадскі дзеяч. Нарадзіўся 8 студзеня 1924 г. у Полацку, у сям'і кадравага афіцэра Чырвонай Арміі. У гады Вялікай Айчыннай вайны са зброяй у руках ён адстойваў свабоду і незалежнасць Радзімы. З 1942 г. быў партызанам атрада «Смерць фашызму», з 1943 г. з’яўляўся камандзірам падрыўной групы атрада «Бальшавік» брыгады імя Варашылава. У 1944−1945 гг. Аляксандр Ануфрыевіч у радах Чырвонай Арміі. Ён удзельнічаў у вызваленні Літвы, Польшчы, у баях за ўзяцце Берліна. Тройчы паранены.
Літаратурную дзейнасць Алесь Савіцкі пачаў яшчэ ў партызанскім атрадзе, напісаўшы ў 1943 г. верш «На смерць сябра». Пасля дэмабілізацыі працаваў у рэдакцыі полацкай газеты «Бальшавіцкі сцяг» (пазней «Сцяг камунізму»). На яе старонках у 1948 г. і быў апублікаваны яго першы празаічны твор «Рыбацкае шчасце».
У 1958 г. А.А. Савіцкі скончыў Літаратурны інстытут у Маскве, пазней — аспірантуру. У 1961−1962 гг. ён займаў пасаду загадчыка рэдакцыяй выдавецтва «Ураджай». У 1962−1969 гг. Аляксанр Ануфрыевіч — вучоны сакратар Літаратурнага музея Якуба Коласа. Пазней ён загадваў сектарам мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ. А.А. Савіцкі - аўтар мастацкіх і дакументальных кніг, аповесцей для дзяцей. Многія яго творы перакладзены на рускую, украінскую, узбекскую, грузінскую, славацкую мовы. Цікавасць чытачоў і сёння выклікаюць яго творы «Кедры глядзяць на мора», «Самы высокі паверх», «Жанчына», «Пісьмо ў рай». Пераасэнсаванне асабіста перажытага ў ваенныя гады дазволіла пісьменніку стварыць шэраг твораў аб вайне, у тым ліку трылогію «Верай і праўдай».
За баявыя і працоўныя заслугі Алесь Савіцкі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Славы ІІІ ступені, Айчыннай вайны І ступені, «Знак Пашаны», Францыска Скарыны, медалямі. Ён — лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1972) і Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2002). Пайшоў з жыцця Аляксандр Ануфрыевіч Савіцкі ў кастрычніку 2015 г.